АСІ́НАВЫЯ ЛЯСЫ́,

асіннікі, драбналістыя лясы, аснову дрэвастою ў якіх складае асіна. Пашыраны ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я, гал. чынам у Еўропе і Азіі. На Беларусі сустракаюцца часцей на ПнУ, радзей на ПдЗ; агульная пл. 151,7 тыс. га (1,96% лесапакрытай плошчы, 1994). Тут яны з’яўляюцца вытворнымі лясамі, якія растуць на месцы высечак дубовых, радзей ялова-хваёвых і хваёвых лясоў. Займаюць пераважна багатыя супясчаныя і сугліністыя глебы нармальнага ўвільгатнення. Вылучаюць асіннікі: бруснічны, імшысты, арляковы, кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы, прыручайна-травяны, чарнічны, даўгамошны. Асінавыя лясы спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы. Пасля высечак асінавыя лясы выкарыстоўваюць для аднаўлення хваёвых, яловых і дубовых лясоў. Асіннікі — кармавыя ўгоддзі для лася, аленя, зубра.

т. 2, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)